ДЫСТАНЦЫ́ЙНАЕ КІРАВА́ННЕ кіраванне на адлегласці апаратамі, машынамі, тэхн. сістэмамі (напр., рухавікамі, тармазамі, выключальнікамі і інш.).

Бывае мех., пнеўматычнае, эл., радыётэхн. і інш.; мае схемы кіравання, блакіроўкі (забяспечваюць паслядоўнасць аперацый кіравання) і сігналізацыі (паказваюць становішча асобных элементаў абсталявання і кантралююць пашкоджанні ў ланцугах), каналы сувязі і тэхн. прылады (маніпулятары, робаты, радыёэлектронныя, эл.-магн. і інш. прыстасаванні). Выкарыстоўваецца пры цэнтралізацыі кіравання вытв. працэсамі ў хім. прам-сці, нафтавых і газавых промыслах, электраэнергетыцы, на транспарце (у т. л. чыг. і трубаправодным) і інш., для кіравання палётамі ракет і касм. апаратаў, у ваен. справе, а таксама ва ўмовах, небяспечных для чалавека (напр., з-за высокай т-ры, забруджанага асяроддзя, небяспечных выпрамяненняў і інш.). Гл. таксама Тэлемеханіка, Тэлекіраванне.

М.П.Савік.

т. 6, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)